Яўрэй з батальёна “Днепр”: У шабат нічога рабіць нельга, але ваяваць можна

01.02.2015, 12:01
Яўрэй з батальёна “Днепр”: У шабат нічога рабіць нельга, але ваяваць можна - фото 1
Рэлігійны яўрэй Ашэр-Ёсеф Чаркаскі, якім пужаюць навабранцаў у ДНР, расказвае пра тое, чаму з Крыма паехаў не ў Ізраіль, а ваяваць за Украіну.

Рэлігійны яўрэй Ашэр-Ёсеф Чаркаскі, якім пужаюць навабранцаў у ДНР, расказвае пра тое, чаму з Крыма паехаў не ў Ізраіль, а ваяваць за Украіну.

Еўрарадыё: Вы жылі ў Крыме, але пасля яго анексіі Расіяй з’ехалі ва Украіну — чаму?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: На маю думку, тое, што здарылася з Крымам, — гэта вялікая здрада. Я лічу, што калі чалавек хоча стаць грамадзянінам іншай краіны, ён можа спакойна прыняць іншае грамадзянства і жыць на тэрыторыі краіны свайго знаходжання, але ўжо на іншых умовах. А калі адрываецца тэрыторыя і робіцца гэта такім несумленным чынам, то… гэта было насуперак майму сумленню. А ў Крыме я бачыў шмат людзей, якія хацелі быць грамадзянамі Расіі, але прыняць гэтае грамадзянства хацелі разам з тэрыторыяй.

Еўрарадыё: Яны ж марылі “вярнуць Крым Расіі”…

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Так. Але мне як грамадзяніну Украіны і проста як чалавеку гэта было непрыемна, і я проста не здолеў там заставацца.

Еўрарадыё: …і з’ехалі ў Днепрапятроўск. Чаму менавіта туды, а не ў блізкі да Крыма Херсон ці не ў Ізраіль, урэшце?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я крымчанін, але з’ехаў адтуль у 1993 годзе ў Днепрапятроўск і вярнуўся ў Крым у 2012 годзе — там заставалася мая маці, у якой сапсавалася здароўе. Пакінулі старэйшых дзяцей ў Днепрапятроўску, дзе яны вучыліся ў рэлігійнай яўрэйскай школе — у Крыме такой магчымасці не было. А калі адбылася анексія і мы былі ў чаканні пачатку поўнамаштабнай вайны, маці прымусіла нас з’ехаць ратаваць дзяцей. Ведаеце, на момант развалу Савецкага Саюза я ўжо адслужыў у войску і быў сведкам трагічных падзей у Карабаху, Ошы, Прыднястроўі, Чачні, дзе жылі нашы сваякі, бо маці мая з Каўказа, і я ведаў, чаго можна чакаць у Крыме і ва Украіне. Пачаліся вядомыя падзеі на Данбасе. Цяпер усе народы Украіны супрацьстаяць гэтай агрэсіі, але на першым рубяжы супрацьстаяння стаў менавіта Ігар Валер’евіч Каламойскі — гэта, як я разумею, была яго свядомая пазіцыя: не здаваць Украіну. І тое, што ў Днепрапятроўску для супрацьстаяння гэтай агрэсіі зрабілі прадстаўнікі нашага народа, такія як Ігар Каламойскі, Барыс Філатаў, Генадзь Корбан… Мы разумелі, што рускія войскі гэтага нашай яўрэйскай грамадзе не даруюць і трэба ратаваць дзяцей. Не, былі думкі і пра Ізраіль, але калі з’явілася магчымасць выканаць свой абавязак мужчыны перад сям’ёй і краінай, я адразу ёй і скарыстаўся.

Еўрарадыё: Выбачайце, але нечаканы крок: ж вы маглі выконваць свой абавязак у тыле, недзе ў вялікай камандзе Каламойскага, але запісаліся шараговым добраахвотнікам у батальён “Днепр” — чаму?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: У мяне абодва дзяды прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Адзін закончыў яе ў Балгарыі, другі ўдзельнічаў у захопе Рэйхстага. Я сын ваеннага, сам служыў у Савецкай арміі. Для мяне гэта больш выбар быў такі: “На што я здатны як мужчына?”

Еўрарадыё: Вы рэлігійны чалавек, і я так разумею, што ваш выгляд, вашая барада — гэта выкананне нейкіх патрабаванняў рэлігіі? І яшчэ: як жа боскі запавет “Не забі”?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Іудаізм адрозніваецца тым, што мы не падстаўляем другую шчаку. І калі я ведаю, што нехта прыйшоў, каб мяне забіць, я абавязаны першы напасці, каб абараніць сваё жыццё. Што да барады, то ў Торы напісана: “Лязо не мусіць датыкацца твару твайго і не псуй край барады тваёй” — гэта запавет. Ну, а тое, што барада ў мяне вырасла такая вялікая, то ўжо выбачайце!

Еўрарадыё: Што самае складанае для рэлігійнага чалавека на фронце?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я ж не магу праціўніку патлумачыць, што ў мяне з вечара пятніцы і да заходу сонца ў суботу шабат, таму я не ваюю. Маўляў, пачакайце, закончыцца шабат — працягнем ваяваць. Ёсць тры рэчы, якія яўрэю нельга парушаць. Першая сярод іх — не дазваляць сабе ідалапаклонства. А вось іншыя запаветы магу парушыць: магу прапусціць малітву, а потым пры магчымасці памаліцца, магу ваяваць падчас шабату, абараняючы сваё жыццё. Калі я быў на перадавой у Пясках, ля Данецкага аэрапорта, то і яўрэйскі Новы год я правёў у акопах, і Судны дзень. У нас дзень Новага года вызначальны — такім будзе наступны год. А потым ідзе 10 дзён раскаяння, калі чалавек пераглядае зробленае за год, глядзіць, што ў сваім жыцці трэба выправіць. І гэтыя два дні я правёў у акопе, ішлі баі. Хоць і было сказана, што ў нас перамір’е, але на самай справе баі ішлі штодня. Я ўжо не кажу пра тое, як складана на вайне з кашэрнай ежай…

Еўрарадыё: Як вас з вашай выбітнай барадой сустрэлі ў батальёне? Падколвалі?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Выдатна! У нас служаць хлопцы рознага веравызнання: нашы крымчане — мусульмане, я іудзей, ёсць хрысціяне. Прычым, яўрэй я не адзін — нас ваюе шмат. Проста рэлігійных, як я, сустракаць не даводзілася. І не чуў нават пра такіх. Што да падколак, то гэта заўжды па-сяброўску. Ніякага антысемітызму, антыісламізму ці антыхрысціянства ў нас няма. Гэтаму не месца на вайне, дзе мы прыкрываем спіну адно аднаму.

Еўрарадыё: А які пазыўны вам далі?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я ваюю з адкрытым тварам і не хаваю свайго імя і прозвішча. На самай справе, у мяне два імені: першае я атрымаў пры нараджэнні яшчэ за савецкім часам, а другое падчас абразання — яўрэйскае. Абодва сапраўдныя. Але ў асноўным я карыстаюся яўрэйскім імем Ашэр-Ёсеф. Увогуле, у нас хлопцы самі выбіраюць: карыстацца пазыўным ці сапраўдным прозвішчам.

Еўрарадыё: Які момант быў самым страшным?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Калі расійскія СМІ пачалі трубіць, што аэрапорт фактычна захоплены і што на нас зараз пойдзе танкавая калона. На фронце ты ў любы момант можаш загінуць, але менавіта тады гэтае ўсведамленне было асабліва вострым. Што зараз проста возьмуць, і “выключаць святло”, усё закончыцца і не зможаш сваім дзецям дапамагчы ўвайсці ў гэтае жыццё, не пабачыш унукаў. Дарэчы, гэта было ў адзін з дзён “перамір’я”.

Еўрарадыё: Украінскіх ваенных расійскія СМІ абвінавачваюць у розных злачынствах — бывае такое? Калі, да прыкладу, над палоннымі здзекаваліся?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Былі ў нас і палонныя. Але ведаеце, што мяне больш за ўсё абурае? Я ляжаў у шпіталі разам з байцом батальёна “Данбас”, які быў у палоне больш за два месяцы. Ён распавядаў, як да іх ставіліся там, і я бачыў стаўленне да тых, хто трапіў у палон да нас. Як кажуць у Адэсе, гэта дзве вялікія розніцы. Трапіў да нас у палон хлопчык Андрэй са Свярдлоўска, які прыехаў сюды “ратаваць рускіх”. Падыходзілі да яго нашы байцы, і я не бачыў не тое каб яго білі, але нават нянавісці да яго. А гэта ж вораг, які прыехаў сюды забіваць, і цалкам магчыма, што некага і забіваў. А з ім сядзелі і размаўлялі, тлумачылі, што мэта гэтага канфлікту — знішчыць Украіну як дзяржаву, украінцаў як народ.

Еўрарадыё: Які след гэтая вайна, удзел у баявых аперацыях пакінулі ў вашай душы, вашай псіхіцы?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я страціў Радзіму. Наўрад ці я калі-небудзь змагу вярнуцца ў Крым. Там засталіся мае сябры дзяцінства, якія цяпер перасталі быць маімі сябрамі. Сямёра маіх блізкіх сяброў-аднапалчан ужо загінулі. Ды, і кантузія без наступстваў не праходзіць: бяссонніца, пастаянны шум у вушах. Вайна не мінае без наступстваў. Мая першая раніца ў шпіталі пачалася з таго, што калі да мяне раніцай прыйшлі рабіць укол, то дзверы адчыніліся з такім гукам, які нагадвае стрэл з мінамёта. У тры секунды я ляжаў на падлозе… У медсястры былі квадратныя вочы. Скажыце — добрая рэакцыя, выдатна? Гэта не самыя добрыя навыкі, што ў нас выпрацоўвае вайна. Уявіце: калі ты на фронце, то фактычна круглыя суткі знаходзішся ў поўнай баявой экіпіроўцы: і спіш у ёй, і ходзіш, і ясі. Ты ўвесь час у бронекамізэльцы, са зброяй, у касцы. Ёсць моманты зацішша, але звычайна ты ў такім “строі”, бо ў любы момант можа быць атака, і часу апрануцца не будзе. Ты ўвесь час там у стрэсавай сітуацыі…

Еўрарадыё: Не было жадання сысці з батальёна, даць іншым праявіць сябе?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: А калі не возьмуць ізноў?! Не забывайце, што мне ўжо 45 гадоў. Не, пакуль гэта ўсё не скончыцца я не сыду. А які сэнс тады быў сюды прыходзіць? Каб проста сябе праверыць? Ну, я праверыў, здаецца, баязліўцам сябе не паказаў. Але тут не тэст праходзяць, гэта не сафары і не гульня. Я хачу, каб Украіна захавалася як дзяржава і каб у нас быў мір. Мы нармальная краіна, і тут жывуць нармальныя людзі. Тут няма нянавісці да расіян, не ядуць тут немаўлят рускамоўных, не распінаюць хлопчыкаў і не гвалцяць бабулек. Я не ведаю, якое меркаванне трэба мець пра ўкраінцаў, каб паверыць у такое. І якую трэба мець хворую фантазію, каб такое прыдумаць!

Еўрарадыё: Ну вядома ж, што тут жывуць, выбачаюся, страшныя жыдабандэраўцы!

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: У мяне, дарэчы, ёсць фота, дзе мы стаім з Дзмітрыем Ярашам, і ў мяне на майцы напісана — “жыдабандэравец”. Дарэчы, “ярош” паходзіць ад яўрэйскага “арош” — галава. Так што калі яго прозвішча з іўрыту перакладаць, то атрымліваецца “галава”.

                               Ашэр-Ёсеф Чаркаскі і Дзмітрй Яраш

Еўрарадыё: Ну, давайце яшчэ раскажам Кісялёву, што Яраш — яўрэй! Ці праўда, што вашым партрэтам у ДНР палохаюць навабранцаў?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я не быў у ДНР і не ведаю, што там робяць з навабранцамі! Але сам я свае фотаздымкі ў інтэрнэт не выкладаў, не хваліўся сваім баявым выглядам — з барадой і аўтаматам.

Еўрарадыё: Чытаў, што нібыта за вашу галаву прызначаная добрая грашовая ўзнагарода…

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Не ведаю, да мяне не прыходзілі і не казалі, што за мяне прызначаная такая вось сума. Хутчэй гэта чуткі. Але ці праўда гэта, я вам не пацвердзіць, ні абвергнуць не магу. Магчыма, што маімі партрэтамі палохаюць навабранцаў: “Глядзіце, які жахлівы забойца!” Магчыма, нейкія хворыя людзі вырашылі сабраць грошы і знішчыць мяне фізічна.

Еўрарадыё: Вядома, што за ўсім, што пачалося ва Украіне ў 2013 годзе, стаяла Амерыка…

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: …пра што ведае кожны расіянін! І менавіта таму кожны расіянін, калі ў яго з’яўляецца такая магчымасць, выпраўляе сваіх дзяцей вучыцца менавіта ў гэтую жахлівую краіну!

Еўрарадыё: …а там, дзе Амерыка, абавязкова прысутнічае яе верны паплечнік — Ізраіль. Скажыце шчыра: якое званне ў Масадзе маеце?

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: О! Вы вырашылі ўсё выпытаць — каб ведалі, што я ў Масадзе яшчэ! Але ж ёсць і іншыя разведкі свету — чаму б не ў ЦРУ?

Еўрарадыё: ЦРУ банальна — лепш ужо МІ-6, калі не Масад!

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Ну, так. І сапраўды, пісалі ж, што я палкоўнік ізраільскай выведкі, і што гэта ўжо шостая ваенная кампанія, у якой я бяру ўдзел. Але ж калі я зараз скажу, што гэта няпраўда, то скажуць: “Вось, бачыце! Думаеце, ён вам праўду скажа? Ага!” Я пакуль не маю ніякага дачынення да Дзяржавы Ізраіль. Я спадзяюся, што калі ва Украіне будзе мір, то… Мы планавалі, што, магчыма, калі падрастуць дзеці і ім трэба будзе працягнуць адукацыю, выехаць у Ізраіль. Але пакуль да гэтай краіны я маю толькі адно дачыненне — я яўрэй. Я не грамадзянін Ізраіля ці ЗША, пра што таксама пісалі, і ніякі я не палкоўнік.

Еўрарадыё: Магчыма, да канца вайны і станеце палкоўнікам — украінскай арміі!

Ашэр-Ёсеф Чаркаскі: Я хачу застацца ў тым званні, у якім цяпер знаходжуся. Званні атрымліваюць па выслузе гадоў, а я не хачу чакаць тры гады, каб атрымаць наступнае. Я хачу, каб вайна скончылася сёння. Каб перасталі гінуць не толькі нашы хлопцы. Мне шкада і тых хлопцаў, якіх сюды накіроўваюць, якіх падманваюць і прымушаюць забіваць грамадзян Украіны. Мы ваюем за сваю зямлю, сваю дзяржаву, сваё жыццё, сваё права выбару, як нам жыць, а яны ваююць за падман і за грошы — мне іх шкада. 

                          Ашэр-Ёсеф Чаркаскі і Алег Скрыпка (Воплі Вадаплясава)

Фота з архіва Ашэра-Ёсефа Чаркаскага

Euroradio.fm, 21 січня 2015